|
НАВІНЫ
САКРЭТЫ МАБІЛЬНАГА ТЭЛЕФОНУЛюдзі, блізкія да старшыні савета дырэктараў гандлёвага дома “Ждановічы” Яўгена Шыгалава лічаць, што непрыемнасці ў жыцці вядомага прадпрымальніка пачаліся з-за таго, што ў свой час ён шмат лішняга казаў па сотавым тэлефоне.
Былы старшыня канцэрна “Белнафтахім” Аляксандр Бароўскі за два месяцы да свайго арышту стаяў на “праслушцы” ў спецслужбаў. Запісы перамоў Бароўскага з некаторымі ўплывовымі асобамі былі старанна прааналізаваны ў судзе. Нядаўна ў Мінскім абласным і Вярхоўным судах звярнулі ўвагу на тое, з кім вёў перамовы па мабільніку былы старшыня Ждановіцкага сельскага савета Валерый Маскалёў, якога пазбавілі волі на 4 гады. Выданне “Тут і цяпер” з дапамогай экспертаў вырашыла прааналізаваць, ці варта сакрэтнічаць па мабільным тэлефоне? "ТОЕ, ШТО ВЫ ГАВОРЫЦЕ ПА МАБІЛЬНЫМ, МОЖА БЫЦЬ ВЫКАРЫСТАНА СУПРАЦЬ ВАС..." Былы следчы, а цяпер праваабаронца і кінаакцёр Алег Волчак, кажа, што ўжо многа гадоў па тэлефоне размаўляе толькі пра каханне. — Мне распавядалі, што нашы спецслужбы маюць тэхніку, якая рэагуе на канкрэтныя словы, прозвішчы, — гаворыць Волчак. — Колькі захоўваецца інфармацыя, знятая з нечага мабільніка, дакладна не вядома. Але за прыкладамі далёка хадзіць не трэба: не так даўно майму сябру, які раней быў суддзёй, а цяпер проста юрыст, прадэманстравалі раздрукоўку яго размоў з прадстаўніком адной прыватнай фірмы… Праслухванне можа быць санкцыянаваным і несанкцыянаваным. Так, адзін з аператараў мабільнай сувязі, які працуе на беларускім рынку, мае не вельмі добрую рэпутацыю ў гэтым сэнсе. Кажуць, што там нярэдка здаюць кліентаў спецслужбам. Хто можа стаць ахвярай “праслушкі”? На мой погляд, перш за ўсё нават не палітыкі, а бізнесмены. Я сам імкнуся размаўляць па мабільніку толькі пра каханне, бытавыя справы. Ніякіх важных рэчаў па тэлефоне ўжо даўно не абмяркоўваю. І іншым не раю. Каб падстрахавацца, лепш дастаць сім-карту з тэлефона. Не забывайце: усё тое, што вы гаворыце па мабільным, можа быць выкарыстана супраць вас саміх. Валерый КОСТКА: Падпалкоўнік запасу КДБ Валерый Костка лічыць, што па мабільным тэлефоне можна пра любыя рэчы гаварыць адкрыта. — Нават калі цябе і праслухоўваюць, то, на мой погляд, няма ніякага сэнсу хавацца, — тлумачыць сваю пазіцыю спадар Костка. — Цяпер КДБ ужо не той: калі чалавека адразу маглі зарыць-закапаць пасля таго, як ён расказаў недзе анекдот пра Леніна ці Сталіна. Сёння ў КДБ няма той моцы, што была раней, дый, па вялікім рахунку, гэтая ўстанова зараз займаецца не сваёй справай. А тое, што яны пішуць чужыя тэлефонныя размовы… Ну і няхай пішуць. Калі гаворыш тое, што думаеш, дык чаго баяцца? — Ведаю дакладна: у судзе некаторыя з тых, каго ўважліва слухалі, шкадуюць, што ў свой час вырашалі нейкія пытанні па тэлефоне… ЦІКАВЫ ФАКТ Калі верыць нашым крыніцам інфармацыі, Служба бяспекі прэзідэнта Беларусі валодае сучаснай тэхнікай, пры дапамозе якой можна без асаблівых цяжкасцяў высветліць месца знаходжання чалавека, нават калі яго мабільны тэлефон безнадзейна выключаны (пры ўмове, што тэлефон знаходзіцца там жа, дзе і яго ўладальнік). — Калі парушаеш закон, то ў любым выпадку (хавайся не хавайся) гэта высветліцца. А калі ў мяне адкрытая пазіцыя, то навошта думаць, праслухоўваюць мяне ці не? Ну, што могуць зрабіць спецслужбы, калі па Канстытуцыі я маю права на сваю думку і магу яе агучваць? Праўда, тыя, хто мяркуе, быццам бы яшчэ існуюць нейкія сакрэты, якія можна захаваць, глыбока памыляюцца. Я як супрацоўнік КДБ кажу: сакрэтаў увогуле не існуе. Яны могуць існаваць толькі ў вельмі абмежаванай прасторы, але не надта доўга. — Тады, як Вы ставіцеся да людзей, якія падчас перамоў не толькі выключаюць мабільнік, але і разбіраюць яго на дэталькі? Па-вашаму, гэта паранойя? — Гэта шызафрэнія альбо шпіёнаманія. А з іншага боку… Раз гэтыя людзі так баяцца, значыць, ім сапраўды ёсць за што хвалявацца. Я сам, напрыклад, ніколі не адключаю тэлефон. Не парушайце закон, і ўсё будзе нармальна. — Як лічыце, ці выпадкова пасаду кіраўніка службы бяспекі адной з кампаній, якая працуе на рынку мабільнай сувязі, займаюць адстаўныя генералы: спачатку генерал Віктар Басалыга, цяпер — былы міністр унутраных спраў Валянцін Агалец? — Па-першае, няпыльная пасада, а па-другое, з генераламі заўсёды можна вырашыць любое пытанне. Калі ж прызначыць на гэтую пасаду дылетанта, яму давядзецца тлумачыць нейкія нюансы. І спецслужбы зацікаўлены мець на такіх пасадах людзей, якім доўга не трэба тлумачыць, што да чаго. — Скажыце, а па якіх прыкметах можна даведацца, што твой мабільнік праслухваецца? Напрыклад, калі 10 разоў на дзень нехта памыляецца нумарам альбо чуюцца дзіўныя гукі ў трубке, альбо тэлефон сам па сабе выключаецца, гэта значыць, што ты на кручку? — Я 16 гадоў таму звольніўся з КДБ. За гэты час тэхнічны прагрэс ірвануў наперад. А спрабаваць абагнаць спецслужбы бессэнсоўна. Мы ведаем тыя прыкметы, якія былі 10 гадоў назад. А новая тэхніка пайшла вельмі далёка. Прывяду яшчэ адзін прыклад: у 2001 годзе палітыкі Міхаіл Марыніч і Уладзімір Ярмошын разам гулялі па лесе, і нікога вакол не было. А стэнаграма іх размовы ляжала на тым стале, дзе трэба! Вось і ўвесь адказ на ваша пытанне. І тэлефоны разбіраюць, і сім-карты хаваюць пад нейкія магнітныя палі, а усё роўна, калі спецслужбе неабходна атрымаць інфармацыю, яна яе атрымае. Таму не трэба спрабаваць непрафесійна працаваць супраць прафесіяналаў. Варта рабіць так, каб у гэтых прафесіяналаў не было падстаў прыкалупацца да цябе. ДАРЭЧЫ Вядома, што былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі мяняе нумар свайго мабільніка прыкладна раз на месяц. А падчас важных перамоў Віктар Францавіч альбо пакідае свой тэлефон у машыне, альбо разбірае мабільнік на часткі.
Дар’я ПАЎЛІЧ http://svabodaby.net/
|
||